рефераты бесплатно
 

МЕНЮ


Реферат: Удзел беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і міжнародным жыцці пасляваеннага перыяду

8 студзеня 1943 г. савецкае камандаванне прад’явіла штабу 6-й арміі вермахта ўльтыматум аб капітуляцыі, але гітлераўцы ўсё яшчэ спадзяваліся на выратаванне. У склаўшыхся ўмовах 10 студзеня войскі Данскога фронта прыступіліся да рэалізацыі плана «Кальцо» з мэтай знішчэння Сталінградскага катла. Савецкія часці пераадолелі супраціўленне ворага і 26 студзеня рассеклі групоўку на паўднёвую і паўночную часткі. Каб заахвоціць акружэнцаў да супраціўлення, 30 студзеня 1943 г. А. Гітлер прысвоіў іх камандуючаму Ф. Паулюсу званне генерал-фельдмаршала, але той 31 студзеня разам са сваім штабам і рэшткамі паўднёвай групы здаўся ў палон. 2 лютага была ліквідавана паўночная група гітлераўцаў. У выніку савецкі палон трапіў генерал-фельдмаршал, 24 генералы, больш за 2 500 афіцэраў, 91 тыс. салдат вермахта. У якасці трафеяў пераможцы здабылі 744 самалёты, 1 666 танкаў, 261 бронемашына, 5 762 гарматы і 1 312 мінамёты, 80 438 аўтамашын, 3 бронецягнікі і іншую ваенную маёмасць.

Такім чынам, аперацыя, разлічаная на тыдзень, завяршылася праз 23 дні – 2 лютага, а разам з ёй і ўся Сталінградская бітва. Вораг страціў дзве нямецкія, дзве румынскія і адну італьянскую арміі, усяго больш за 800 тыс. чал. Савецкія войскі страцілі 485 тыс. сваіх байцоў і камандзіраў. Перамога ў Сталінградскай бітве была дасягнута дзякуючы мужнасці і гераізму савецкіх байцоў. 112 лепшым з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1965 г. Волгаграду (Сталінграду) было прысвоена ганаровае званне «Горад-Герой». На Мамаевым Кургане створаны самы велічны ў СССР мемарыяльны помнік героям Вялікай Айчыннай вайны.

Перамога савецкіх войск у Сталінградскай бітве – адна з вызначальных падзей Вялікай Айчыннай і ІІ сусветнай вайны. У ходзе асенне-зімняй кампаніі 1942–1943 гг. адбыўся карэнны пералом у ходзе вайны: узброеныя сілы СССР здолелі не толькі абараніць сваю краіну, але і прыступіцца да яе вызвалення. Перамога пад Сталінградам надала магутнейшы штуршок партызанскаму руху на Ўкраіне, Беларусі і іншых рэгіёнах СССР.

Пасля пераможнага наступлення Чырвонай Арміі зімой 1943 г. у цэнтр савецка-германскага фронта набыў выгляд выступу, скіраванага на захад глыбінёю да 150 і шырынёй да 200 км. Гітлераўскія стратэгі вырашылі знішчыць размешчаныя на ім Цэнтральны (камандуючы генерал К. Ракасоўскі), Варонежскі (камандуючы генерал М. Ватуцін) і пацясніць Сцяпны (камандуючы генерал І. Конеў) франты. Так, паводле распрацаванага імі ў маі 1943 г. плана «Цытадэль», дзве ўдарныя арміі збіралася наступаць з раёна Арла (фельдмаршал Г. фон Клюге) і раёна Белгарада (фельдмаршал В. Модэль) у напрамку Курска з мэтай акружэння савецкіх войск. Для стварэння стратэгічнай перавагі вораг сканцэнтраваў 50 дывізій, у тым ліку элітныя злучэнні СС, агульнай колькасцю 900 тыс. чал. У баявых калонах 18 танкавых і матарызаваных дывізій стаяла 2 700 танкаў, у тым ліку некалькі соцень новых – «Тыгр» і «Пантэра», а таксама штурмавых гармат «Фердынанд». Артылерыя налічвала 10 тыс. гармат і мінамётаў. Прыкрыццё з паветра здзяйснялі 2 тыс самалётаў 4-й і 6-й арміі люфтвафэ.

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання прыняла рашэнне аб заняцці савецкімі франтамі абарончай тактыкі. Затым ім належала, выматаўшы ворага ў баях, перайсці ў контрнаступленне і разбіць яго. У верагодных напрамках наступлення ворага было створана 8 рубяжоў абароны глыбінёй да 300 км. Каардынацыя дзеяння франтоў ускладалася на прадстаўнікоў Стаўкі – маршалаў Г. Жукава і А. Васілеўскага.

Савецкай разведцы ўдалося своечасова здабыць звесткі аб часе запланаванага немцамі наступлення, і 5 ліпеня за некалькі гадзін да яго пачатку артылерыя Цэнтральнага і Варонежскага франтоў, а таксама авіяцыя, нанеслі папярэдні ўдар па ворагу. Гітлераўскія фельдмаршалы зразумелі, што іх планы раскрыты, тым не менш аддалі загад аб наступленні. Дзякуючы мужнасці і гераізму абаронцаў, іх узросшаму ваеннаму майстэрству, агрэсар не дасягнуў сваіх мэтаў. 10 ліпеня войскі В. фон Клюге страцілі 65% сваіх танкаў і мусілі перайсці да абароны. Гэта дало магчымасць Цэнтральнаму фронту 15 ліпеня перайсці ў контрнаступленне.

Паўднёвая група пачала наступленне 6 ліпеня на ўчастку Варонежскага фронту сіламі 4 танкавай арміі і нават прарвала дзве лініі абароны. Гераічнымі намаганнямі танкавага корпуса на чале з палкоўнікам А. Бурдзейным удалося разбіць перадавыя часці дывізіі «Рэйх». 12 ліпеня каля чыгуначнай станцыі «Прохараўка» адбыўся сустрэчны танкавы бой з удзелам каля 700 нямецкіх і 850 савецкіх машын. Высокая шчыльнасць боя пазбавіла перавагі дальнабойныя і больш магутныя гарматы нямецкіх танкаў. Перамога засталася за савецкімі воінамі, маральны дух і ваеннае майстэрства якіх была значна вышэйшымі. На поле боя засталося каля 400 нямецкіх танкаў, 300 аўтамашын, звыш 3 500 салдат і афіцэраў.

Камандуючы паўднёвым напрамкам фельдмаршал Э. фон Манштэйн не здолеў зламаць савецкую оборону і пачаў адвод войск. У выніку контррнаступлення Сцяпнога і Варонежскага франтоў 23 ліпеня немцы былі адкінуты на ранейшыя пазіцыі. 5 жніўня байцамі Цэнтральнага фронта быў узяты горад Белгарад. У той самы дзень, 5 жніўня войскі Заходняга і Бранскага франтоў вызвалілі горад Арол. На завяршальным этапе баёў на Курскай дузе, 23 жніўня Харкаў ізноў стаў савецкім. Контрудары гітлераўцаў поспеху не мелі. І надалей Чырвоная Армія ўжо ніколі да канца вайны не губляла здабытую пад Курскам стратэгічную ініцыятыву. Для Чырвонай Арміі і савецкага народа гэта перамога азнаменавала завяршэнне карэннага пералому ў ходзе вайны, пачатак выгнання ворага з часова акупіраванай тэрыторыі СССР.

Такім чынам, план «Цытадэль» быў сарваны: спроба гітлераўцаў узяць рэванш за паражэнне пад Сталінградам скончылася чарговым, яшчэ больш адчувальным паражэннем. Вермахт страціў 30 лепшых дывізій: у тым ліку каля 500 тыс. чалавек, 1, 5 тыс. танкаў і штурмавых гармат, больш за 3, 7 тыс. самалётаў. За гэтую перамогу звыш 100 тыс. савецкіх воінаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш 180 – было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

5. Пачатак вызвалення Беларусі. Аперацыя «Баграціён». Вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам

Разгром фашыстаў пад Курскам абумовіў пачатак вызвалення акупіраваных тэрыторый СССР. Так, 23 верасня 1943 г. войскамі Цэнтральнага фронту быў вызвалены першы раённы горад Камарын, Гомельскай вобласці, а 26 верасня войскамі Бранскага фронту – Хоцімск, раённы цэнтр Магілёўскай вобласці. Усяго да пачатку 1944 г. гітлераўцы былі выбіты з 2 абласных і 36 раённых цэнтраў Беларускага Палесся. У Гомелі пачаў дзейнічаць СНК БССР.

Вясной 1944 г. у савецкага камандавання ўзнік план летняга наступлення на варожую групоўку «Цэнтр», размешчаную на Беларусі. Асноўным матывам такога рашэння з’яўлялася ўпэўненасць у тым, што для фашыстаў гэты ўдар будзе абсалютна нечаканым. Тут, на Беларусі лінія савецка-германскага фронту ўяўляла сабой выступ ад Дзвіны да Прыпяці, скіраваны на ўсход, а акупіраваная тэрыторыя – суцэльны ўмацаваны раён глыбінёй да 270 км, названы «Фатэрляндам». Гарадам: Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Мінск надаваўся статус крэпасцей. У складзе размешчаных на Беларусі групы армій «Цэнтр» (камандуючы – фельдмаршал Э. Буш) і іншых злучэнняў налічвалася 1 200 тыс. чал., 9 500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, каля 1 300 самалётаў.

Распрацаваны савецкай Стаўкай план па разгрому гэтай варожай групоўкі і вызваленні Беларусі набыў кодавую назву «Багратыён». У адпаведнасці з ім, гэтая задача ўскладалася на 4 франты – 1 Прыбалтыйскі (камандуючы – генерал І. Баграмян), 1, 2 і 3 Беларускія (камандуючыя – генералы К. Ракасоўскі, Г. Захараў і І. Чарняхоўскі), якія налічвалі 1 430 тыс. чал. асабовага складу, каля 32 тыс. гармат і мінамётаў, 5 200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў.

Асаблівасцю плана «Багратыён» з’яўлялася тое, што савецкае камандаванне сканцэнтравала ўсе сілы не ў адным напрамку, а падзяліла іх для нанясення двух флангавых удараў – на Віцебск і Бабруйск з тым, каб раздрабіць і акружыць усе тры нямецкія арміі.

Ужо 22 чэрвеня асобныя часці І Прыбалтыйскага 3 і 2 Беларускіх прасунуліся на 0, 5 – 1, 5 км наперад і дзе-нідзе завалодалі пазіцыямі праціўніка. На другі дзень, раніцой 23 чэрвеня ў бой уступілі асноўныя ўдарныя групоўкі азначаных франтоў у напрамках Віцебск, Орша, Магілёў. Назаўтра, 24 чэрвеня войскі 1-га Беларускага фронту рушылі ў Бабруйскім напрамку. Дзеянні франтоў каардынавалі маршалы А. Васілеўскі і Г. Жукаў.

Не чакаўшыя наступлення гітлераўцы адчайна супраціўляліся, але неслі вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. Ужо да 25 чэрвеня пяць нямецкіх дывізій было акружана ў раёне Віцебска, а 26 чэрвеня – вызвалены сам абласны цэнтр. Месцы акружэння – так званыя «катлы» – узніклі пад Оршай і Магілёвам, а пасля наступлення 1 Беларускага фронта, якое пачалося 24 чэрвеня, – і пад Бабруйскам. Тут у «кацёл» трапіла каля 40 тыс. чал. 28 чэрвеня Чырвоная Армія вызваліла Магілёў, а 29 – Бабруйск. Такі катастрафічны для немцаў пачатак абароны «Фатэрлянда» прымусіў А. Гітлера замяніць Э. Буша на больш аўтарытэтнага камандуючага – фельдмаршала В. Модэля. Але гэта не ўратавала гітлераўцаў ад поўнага разгрому.

Пасля ліквідацыі «катлоў» войскі 1-га Беларускага фронту 30 чэрвеня ўзялі Слуцк і адрэзалі немцам шлях да адступлення на паўднёвы захад. Спроба гітлераўцаў падарваць масты і замацавацца на Бярэзіне была няўдалай. 30 чэрвеня рака была фарсіравана на поўнач і на поўдзень ад Барысава, а затым штурмам узяты і сам горад. Такім чынам, шлях на Мінск быў адкрыты. Раніцой, 3 ліпеня 5-я армія генерала П. Ротмістрава і корпус генерала А. Бурдзейнага (3 Беларускі фронт) уварваліся ў Мінск з усходу, а крыху пазней з поўдня – часці 1-га Беларускага фронту. На ўсход ад вызваленай сталіцы БССР узнік так званы «мінскі кацёл», у які трапіла каля 105 тыс. фашыстаў. 7–8 ліпеня асноўныя іх сілы былі знішчаны, а ў палон трапіла больш за 35 тыс. чал, у тым ліку 12 генералаў. Велізарную дапамогу Чырвонай Арміі ў ажыццяўленні аперацыі «Багратыён» аказалі беларускія партызаны і падпольшчыкі.

4 ліпеня войскі І Прыбалтыйскага фронта вызвалілі Полацк і выйшлі да межаў Літоўскай ССР. У заходнім напрамку пасля ўпартых баёў войскі 3-га Беларускага фронту 5 ліпеня вызвалілі Маладзечна, 16 ліпеня – Гродна. 8 ліпеня войскі 1 Беларускага фронта вызвалілі Баранавічы, 14 ліпеня – Пінск, а 23 ліпеня выбілі немцаў з польскага горада Люблін. 28 ліпеня горад Брэст ізноў стаў савецкім.

Такім чынам, Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы.

Беларуская наступальная аперацыя з’яўляецца адной з самых буйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ў ІІ сусветнай вайне. Войскі чатырох франтоў наступалі на больш, чым 1 000-кіламетровым фронце і з 23 чэрвеня па 29 жніўня прасунуліся на 550–600 км. У ходзе завяршэння аперацыі «Багратыён» савецкія войскі знішчылі і ўзялі ў палон звыш 500 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў. 55 тыс. гітлераўцаў прайшлі па Маскве, але не ў якасці пераможцаў, а палонных.

За мужнасць і гераізм звыш 1 500 воінам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, больш за 402 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 663 злучэнні і часці атрымалі ганаровыя найменні Аршанскіх, Мінскіх, Віцебскіх, Бабруйскіх, Магілёўскіх, Рагачоўскіх і інш.

З вызваленнем Чырвонай Арміяй былых акупіраваных тэрыторый СССР сусветная вайна ўступіла ў завяршальную стадыю. Але нягледзячы на адкрыццё ІІ фронту, асноўны цяжар барацьбы з германскім фашызмам і яго сатэлітамі па-ранейшаму прыпадаў на Савецкі Саюз. Яскравым доказам яго вызначальнага ўклада ў разгром агрэсара стала ўзяцце Чырвонай Арміяй Берліна.

II сусветная вайна прынесла велізарныя матэрыяльныя, людскія і духоўныя страты. З загінуўшых 60 млн чалавек большая палова – 27 млн прыпадае на народы СССР. Прынята лiчыць, што з 10-мiльённага насельнiцтва даваеннай БССР загінуў кожны трэці. Акупанты разбурылi 209 з 270 гарадоў i пасёлкаў БССР. У ліку 9 200 спаленых вёсак 627 былі знiшчаны разам з жыхарамi. У іх ліку Хатынь, Дальва і інш.

Акупанты разрабавалі і знішчылі больш за 10 000 фабрык i заводаў, 96% энергетычных магутнасцей, усе калгасы, саўгасы і МТС. Такі ж лёс спасціг музеі, бібліятэкі, навуковыя і навучальныя ўстановы. У грашовым вымярэннi БССР страцiла больш паловы сваiх нацыянальных багаццяў.

Беларусы заплацілі высокую цану за сваё вызваленне. Як і ўсе народы СССР яны мужна змагаліся на ўсіх франтах, ва ўсіх родах войск. Салдаты і афіцэры, партызаны і падпольшчыкі, байцы перадавых ліній і работнікі тыла, усе яны, мужна змагаліся з ворагам. Толькі ў дзеючую армію было прызвана звыш 1, 3 млн жыхароў Беларусі. Яны ўдзельнічалі ва ўсіх буйнейшых аперацыях Вялікай Айчыннай. Бессмяротнай славай пакрылі сябе абаронцы Брэсцкай крэпасці, Магілёва, Гомеля. Сярод абаронцаў Ленінграда вызначыўся снайпер Ф. Смалячкоў. У бітве пад Масквой праславіліся камандзір гвардзейскай дывізіі А. Люзікаў і камандзір кавалерыйскага корпуса генерал Л. Даватар, лётчык А. Катрыч.

За самаадданую абарону Сталінграда званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена нашым землякам – лётчыку І. Сержантаву, радыстцы В. Стэмпкоўскай, мінамётчыку Н. Жолудзеву, камандзіру дывізіі А. Пастрэвічу і інш. Неўміручы подзвіг на Курскай дузе здзейсніў лётчык-знішчальнік А. Гаравец, які ў адным баі цаной уласнага жыцця збіў 9 варожых бамбардзіроўшчыкаў. Сотні тысяч беларусаў бралі ўдзел у фарсіраванні Дняпра. Асобныя з іх – кулямётчык Дз. Жмуроўскі, связісты, М. Піліпенка і І. Карасёў і інш. заслужылі званне Героя Савецкага Саюза. Бессмяротнай славай пакрыў сябе радавы Ю. Смірноў пад час вызвалення Беларусі, які трапіў у палон, але не выдаў планаў камандавання і загінуў. Вядомы імёны 14 беларусаў, якія паўтарылі подзвіг А. Матросава, грудзьмі закрыўшых абмразуры варожых агнявых кропак.

Пры штурме Берліна праславіліся камандзір палка А. Жук, камандзір роты Дз. Пенязькоў, танкіст А. Філімонаў, лётчык П. Галавачоў. Сімвалічным з’яўляецца факт, што ў ліку тых, хто ўсталяваў сцяг Перамогі над рэйхстагам, быў былы партызан М. Ягораў.

Усяго з 11 693 воінаў, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, 466 былі беларусамі або выхадцамі з Беларусі. Чацвярым з іх – лётчыку П. Галавачову і танкістам І. Гусакоўскаму, С. Шутаву, І. Якубоўскаму – гэта званне было прысвоена двойчы. 67 нашых суайчыннікаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. Ратны ўклад 400 тыс. воінаў-беларусаў быў ацэнены баявымі ордэнамі і медалямі.

6. Удзел БССР у заснаванні і дзейнасці ААН

Пасля разгрому фашыстаў пад Курскам краіны-удзельніцы антыгітлераўскай кааліцыі (ЗША, Вялікабрытанія і СССР) прыйшлі да высновы аб тым, што поўная перамога над агрэсарам – гэта толькі пытанне часу. Так, на канферэнцыі ў Тэгеране (Іран) (28 лістапада па 1 снежня 1943 г.) http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%98%D1%80%D0%B0%D0%BDІ. Сталін, прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і прэм’ер-міністр Велікабрытаніі Ў. Чэрчыль прынялі рашэнне аб стварэнні агульнай арганізацыі, здольнай вырашаць міжнародныя праблемы, прадухіляць новыя войны і быць гарантам захавання міру і бяспекі.

У мэтах атрымання большай палітычнай вагі ў гэтай арганізацыі, савецкае кіраўніцтва выступіла з прапановай аб уключэнні ў яе як мага больш саюзных рэспублік у якасці самастойных членаў. У прыватнасці, у камісію па ваенных злачынствах прапаноўвалася ўключыць сем савецкіх рэспублік. Аднак такія захады не атрымалі падтрымкі з боку ЗША і Вялікабрытаніі на той падставе, што рэспублікі СССР не маюць канстытуцыйнай асновы для асобнага прадстаўніцтва на міжнароднай арэне.

У такіх умовах кіраўніцтва СССР унесла шэраг дадаткаў у саюзную Кастытуцыю, якія былі заканадаўча аформлены ў лютым 1944 г. Вярхоўным Саветам СССР. Новымі нормамі прадугледжвалася права саюзных рэспублік уступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. З гэтай нагоды ў сакавіку 1944 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб утварэнні Народнага камісарыята замежных спраў. Але падобныя змены ў становішчы суб’ектаў Савецкага Саюза не магло канчаткова ператварыць рэспублікі ў суб’ектаў міжнароднага права. І калі савецкі бок прапанаваў у лік будучых членаў ААН усе савецкія рэспублікі, то прэзідэнт ЗША ў спецыяльным пасланні І. Сталіну адзначыў, што такія ініцыятывы пагражаюць стварэнню арганізацыі. Гэтая праблема атрымала працяг пад час Ялцінскай канферэнцыі (4–11 лютага 1945 г.). Пасля напружаных перамоў кіраўніцтва Вялікабрытаніі і ЗША ўсё ж дало згоду на ўключэнне ў будучую ААН 2 – 3 рэспублік, якія найбольш пацярпелі ад фашысцкай агрэсіі. Па выніках канферэнцыі было вырашана, што іх будуць прадстаўляць УССР і БССР.

27 красавіка 1945 г. пасля двух тыдняў працы ўстаноўчай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска было прынята рашэнне аб уключэнні ЎССР і БССР у лік членаў арганізацыі. У склад дэлегацыі ад нашай рэспублікі ўвайшлі наркам замежных спраў К. Кісялёў, акадэмік А. Жэбрак, прафесар У. Перцаў, дацэнт Ф. Шмыгаў і Г. Байдукоў. Яны ж удзельнічалі ва ўстаноўчай сесіі ААН і 26 чэрвеня 1945 г. і падпісалі Статут Усеагульнай міжнароднай арганізацыі (Арганізацыі аб’яднаных нацый). Уключэнне БССР у склад краін-заснавальніц ААН стала натуральным прызнаннем вялікага ўкладу беларускага народа ў справу перамогі над фашызмам. Тым не менш яна не ўспрымалася ў свеце незалежнай і суверэннай дзяржавай, а разглядалася неад’емнай часткай СССР. Таму знешнепалітычная дзейнасць рэспублікі цалкам праходзіла ў рэчышчы інтарэсаў і рашэнняў саюзнага ўрада.

У далейшым БССР актыўна ўдзельнічала ў працы разнастайных органаў ААН і ў 1946 г. выступала ініцыятарам прыняцця рэзалюцыі аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў у 1946 г.

7. Роля і месца БССР на міжнароднай арэне ў перыяд канфрантацыі дзвюх грамадска-палітычных сістэм у другой палове 40-х – першай палове 80-х гг. ХХ ст

Выхад БССР на міжнародную арэну запатрабаваў распрацоўкі і прыняцця ў 1952 г. яе дзяржаўных сімвалаў – сцяга, герба і гімна.

Дзейнасць БССР на сусветнай арэне праходзіла ў агульным рэчышчы міжнароднай палітыкі СССР і краін-удзельнікаў Варшаўскага дагавору і Савета Эканамічнай Узаемадапамогі. Цыклічнае абвастрэнне адносін паміж дзвюма палітычнымі сістэмамі («Карыбскі крызіс», агрэсія ЗША супраць В’етнама, увядзенне савецкіх войск у Чэхаславакію, араба-ізраільскія войны і інш.) непасрэдна адбівалася на міжнародным аўтарытэце ўсяго СССР. Заходняе грамадства да канца стагоддзя амаль не адрознівала савецкіх грамадзян па нацыянальнай прыкмеце, а называла іх «рускімі». У поўным сэнсе гэтае правіла можна было перанесці і на міжнародную палітыку СССР, якая таксама не мела нацыянальных адценняў.

Гады так званай «хрушчоўскай адлігі» пэўным чынам спрыялі станаўленню БССР як суб’екта міжнародных адносін. Рэспубліка паслядоўна ўдзельнічала ў рамках міжнародных арганізацый і дагавораў. Калі ў канцы 1950-х гг. БССР была ўдзельніцай 54 міжнародных дагавораў, то да канца 1980-х – больш за 170. БССР брала ўдзел у працы 70 міжнародных арганізацый, у тым ліку спецыялізаваных установах ААН ЮНЕСКО, МАГАТЭ, Міжнародным саюзе электрасувязі, Міжнароднай арганізацыі працы і інш.

Важнае месца ў міжнародных стасунках БССР займалі сувязі ў галіне культуры. З дазволу вышэйшых уладных структур іх здзяйснялі творчыя саюзы, навучальныя і навуковыя ўстановы, а таксама спецыяльны орган – Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. У адпаведнасці з рашэннямі ЮНЕСКО ў нашай краіне вялася падрыхтоўка спецыялістаў для краін, якія ўсталі на некапіталістычны шлях развіцця. Да канца 1980-х гг. у БССР прайшлі навучанне каля 10 тысяч грамадзян з Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

У галіне захавання міру і бяспекі на планеце БССР стала ўдзельнікам дагавора 1963 г. аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, космасе і пад вадой. Дыпламатычны корпус рэспублікі быў сааўтарам Дэкларацыі сацыяльнага развіцця (1969), Дэкларацыі аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру (1975). Далучылася БССР і да Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці калоніям і іх народам (1960), Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966) і інш.

БССР, абраная ў 1974–1975 гг. непастаянным членам Савета Бяспекі ААН, спрыяла прыняццю шэрагу важных рашэнняў. Значнай падзеяй у жыцці рэспублікі стала далучэнне да міжнароднага руху гарадоў-пабрацімаў. У 1957 г. Мінск заключыў адпаведнае пагадненне з англійскім Нотынгемам. У 1985 г. ужо 7 гарадоў БССР мелі пабрацімскія сувязі з 14 гарадамі 9 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі.

З прычыны асаблівасцей савецкай палітычнай сістэмы ў пасляваенныя дзесяцігоддзі БССР так і не набыла міжнародна-прававога прызнання як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Рэспубліка не мела сапраўдных дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях (пры ААН у Нью-Йорку і пры спецыялізаваных установах ААН у Вене, Парыжы і Жэневе) фактычна з’яўляліся філіяламі агульна-саюзных прадстаўніцтваў. Размяшчэнне ў Мінску генеральных консульстваў Польшчы, ГДР і Балгарыі справы не мяняла.

Найбольш прыкметным полем міжнароднай дзейнасці БССР была ААН. Пераважная большасць падпісаных рэспублікай у рамках сістэмы ААН міжнародных дагавораў насіла шматбаковы характар. Двухбаковымі заставаліся толькі дагаворы 1944–1945 гг. з Польшчай.

Нягледзячы на існаванне Міністэрства замежных спраў БССР, яго магчымасці былі вельмі абмежаванымі саюзным міністэрствам, якое ўзначальваў наш зямляк А.А. Грамыка. Толькі з распадам СССР і ўсёй сацыялістычнай сістэмы і ўсталяваннем дзяржаўнага суверэнітэта Беларусь атрымала магчымасць вызначаць і здзяйсняць уласную ўнутраную і знешнюю палітыку.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.

2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.

3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В.В. Гетад, M.I. Калінскі. 3 – е выд. – Мн., 1992.

4. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.

5. История Беларуси в документах и материалах. – Минск: Амалфея, 2000. – 672 с.


Страницы: 1, 2, 3


ИНТЕРЕСНОЕ



© 2009 Все права защищены.